Home

Рэклама

Папярэдні запіс | Наступны запіс

Гутарка чацьвертая. Палітычная
"Калі немцы бяруцца за беларускую палітыку, яна атрымліваецца бяздарнай"

— І калі мы закранулі ўжо палітыку, то запытаюся вашых палітычных ацэнак. Што вы можаце сказаць пра новую палітыку Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі? Вось гэтыя перамовы нямецкага амбасадара з Лукашэнкам, потым заява францускай амбасадаркі...
— Я разумею, што складаецца новая сытуацыя. Але мяне ва ўсім гэтым бянтэжыць тое, што немцы зноў хочуць граць першую скрыпку... Я германафіл: я магу гаварыць і пра Гесэ, і пра абодвух Манаў, і пра Гётэ. Нічога лепшага, чым нямецкая музыка, я ня ведаю. Я ведаю, што такое нямецкая навука. Я ведаю прафэсара Абіхта, доктара Іпэля, ведаю шмат каго зь дзеячоў нямецкай навукі — аж да цяперашніх Астрыд Зам і Райнэра Лінднэра. Я іх асабіста ня ведаю, але я іх чытаў. Ёсьць нямецкія інтэлектуалы: мовазнаўцы, літаратуразнаўцы, гісторыкі, — якія выдатна ведаюць Беларусь, у якіх выдатныя беларусазнаўчыя працы.
А з другога боку, ёсьць нямецкія палітыкі, у якіх — ніякага ўяўленьня пра Беларусь! І ёсьць палітолягі кшталту Аляксандра Рара, які ня ведае беларускай мовы, але лічыцца буйным спэцыялістам па Беларусі. Гэта проста парадаксальна! Ёсьць добры гісторык і някепскі палітоляг Хайнц Цымэрман (сацыял-дэмакрат, дарэчы). Але пры ўсёй павазе да Хайнца, якога я ведаю асабіста, — ён ня ведае беларускай мовы, ён не чытае беларускамоўных тэкстаў... 800-тысячная нямецакя сацыял-дэмакратыя ня мае ні аднаго спэцыяліста па Беларусі! У адрозьненьне ад аўстрыйскай партыі, якая — мае.
Першая сусьветная вайна — Гіндэнбург і Людэндорф прыйшлі сюды, ня маючы абсалютна ніякага ўяўленьня пра гэтую краіну. Яны рабілі палітыку ўсьляпую. Далей. Нашыя мітолягі ад гісторыі любяць спасылацца на плян “Ост”. Дык ён жа фюрэрам падпісаны ня быў! Таму што ў немцаў не было ясна выпрацаванай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі — чытайце Бэрнгарда К’яры! Гэта і мы, беларускія гісторыкі, ведалі — што яны прыйшлі сюды, ня маючы найменшага ўяўленьня пра Беларусь. Розэнбэрг і Гімлер не маглі дамовіцца паміж сабой, і таму палітыка была стыхійная, спантанная. І адзінае — быў Кубэ, інтэлектуал, які хутка здолеў з’арыентавацца. Што б там ні казалі, Кубэ быў інтэлектуал. Магчыма, ён быў надта разумны для сваёй партыі там, у фатэрляндзе, тмау яго адаслалі гаўляйтэрам сюды...
— Але гэта ўсё гісторыя…
— З канца 80-х — пачатку 90-х паўтараецца тая ж штука: у немцаў няма ясна вызначанай палітыкі наконт Беларусі. Скажам, у палякаў яна ёсьць. У польскім падпольлі, у “Салідарнасьці” была выпрацаваная палітыка: “Мы зрабілі вялікую памылку ў свой час, не прызнаўшы БНР і не наладзіўшы добрыя адносіны зь Літвой і Ўкраінай. Мы за гэта пацярпелі ў верасьні 39-га”. І “салідарнасьцёўцы” сталі прыхільнікамі незалежнасьці нашых краін — Літвы, Беларусі, Украіны. Каб ніякіх супольных межаў з Расіяй!
Немцы выпрацаванай палітыкі ня маюць. Яны глядзелі на нас скрозь маскоўскую прызму. Яны задавалі ідыёцкія пытаньні: “Чаго вы ня хочаце жыць у адной дзяржаве з Расіяй?” І мне прыходзілася пытацца: “Аўстрыйцы — гэта немцы па мове? Немцы. А чаму яны ня хочуць з вамі жыць у адной дзяржаве? Ці — немцы, якія жывуць у нямецкамоўных кантонах у Швайцарыі?” І яны пачыналі задумвацца. Я кажу: “А ў нас ёсьць адрозьненьні паміж мовамі — нават большыя, чым паміж баварскім і памэранскім дыялектамі. Мы з Расіяй толькі два стагодзьдзі ў адной дзяржаве жывем, а восем стагодзьдзяў мы жылі без усякай Расіі”. Для іх гэта адкрыцьцё!
Яны зусім не зразумелі значэньня рэфэрэндуму 95-га году. Апёкшыся на сваім нацызьме, яны нас падазравалі ў “крутым” нацыяналізьме. Нямецкі дэпутат бундэстагу Вайскірхен камлаў у пачатку 1994 году: “Не дапусьціце югаслаўскай сытуацыі!” З падачы нашых лібэралаў — пачытайце брашуркі Аб’яднанай дэмакратычнай партыі: яны ў 90-я гады большай бяды, чым беларускія школы, ня бачылі! Вось прыйшоў Лукашэнка — выканаў нацыянальную праграму Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, папярэдніцы сёньняшняй АГП. Ну, і што вы маеце з гэтага?.. А Югаславіі, канечне, не было б. Але нашыя лібэралы ўбілі на Захадзе думку, што большай бяды для Беларусі няма. І калі прайшоў гэты моўны рэфэрэндум, мне немцы казалі: “Нічога не здарылася! Народ так пажадаў”. Я казаў: “Вы не разумееце, што гэта толькі першы крок”.
Калі паразумнела тая самая Ута Цапф? Калі яе ў 2000 годзе выставілі з выбарчага ўчастку! Яна закрычала: “Дыктатура!” Да гэтага яна не магла зразумець, што ў нас дыктатура. Ну, яны ж бачылі: у нас Заксэнхаўзэна няма, Бухенвальда няма, у карычневых кашулях ня ходзяць, СА і СС па вуліцах ня ходзяць... Дык і нічога страшнага ў вас, маўляў, няма!
Мяне бянтэжыць іншае. Калі немцы бяруцца за беларускую палітыку, яна атрымліваецца бяздарнай. У ХХ стагодзьдзі ў немцаў не было разумнай палітыкі — адкуль яна возьмецца, калі яе не было раней?
Другую скрыпку грае Францыя. У гэтай краіне быў толькі адзін разумны палітык — Банапарт! Ён дакладна ведаў, што Расію трэба адкінуць за Дзьвіну і Дняпро. Праўда, яму не хапіла сілы волі ці чаго іншага — папёрся ў Маскву... Калі на пачатку 90-х гадоў Расія больш-менш вярнулася ў свае старыя межы, французы нічога не зразумелі. Яны забылі запавет Напалеона. І працягвалі палітыку Клемансо, які ў 1919 годзе паказваў на мапе на Беларусь і казаў: “Тут будзе Расія”. Вы помніце першых францускіх паслоў у нас? Я помню — гэта былі страшныя масквафілы.
— Так, і француская выдавецкая праграма “Багдановіч”, дзе друкаваліся спрэс расейскамоўныя кніжкі...
— Правільна! Вось што мяне і бянтэжыць — што палітыку вызначаюць тыя, хто ў ХХ стагодзьдзі вёў бесталанную беларускую палітыку. Французам нельга забыць: ужо БССР была ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а французы настолькі любілі Маскву й Варшаву, што ў вочы заяўлялі нашым эмігрантам: “Такога народу, як беларусы, няма!” А ім палякі і маскалі падшэптвалі... Гэта трэба было ісьці айцу Льву Гарошку ва ўсякія ведамствы і казаць: “Вось я каталіцкі сьвятар — я беларус”. І тут яны спасавалі, бо — прыйшоў сьвятар, Рымам пастаўлены. І тут у французаў спрацоўвала тое, што яны троху каталіцкая нацыя.
— Эўрапейскія палітыкі, здаецца, вырашылі не зважаць на палітычную сытуацыю ў Беларусі й наладжваць толькі эканамічныя дачыненьні...
— Калі раней іх цікавіла жыцьцёвая прастора (лебенсраўм), то цяпер іх цікавіць эканамічная, гаспадарчая прастора. Нямецкаму Чацьвёртаму Райху (як яго называюць палякі й іншыя) патрэбна эканамічная прастора. Яму цесна. Вось “Опэль” у Глівіцах прыбраў аўтамабільны завод, “Шкода”, здаецца, таксама пад “Опэлем” бегае... Нямецкаму “Ману”, скажам, хацелася б узяць наш “МАЗ”. Нямецкаму капіталу хацелася б тут асесьці, пашырыць сваю эканамічную прастору. У яго ёсьць для гэтага магчымасьці. У Маркса выдатна сказана, што капітал ніколі не бянтэжыцца нават перад злачынствам, калі гэта дае прыбытак. І капіталу напляваць на правы чалавека... Адзіны ратунак ад гэтага імаралізму — тое, што ёсьць на Захадзе інтэлектуалы, грамадзкія рухі, якія не дадуць спаўзьці.
— Гэта — на Захадзе. А ў нас?
— У нас патрэбен Масарык! Трэба не вершаплёт Пазьняк, які сядзіць і сачыняе нейкія там паэмы, нікому не патрэбныя. Патрэбен Масарык, які б езьдзіў па Эўропе і з добра пастаўленай нямецкай, францускай дыкцыяй (тое, што мог бы рабіць Мілінкевіч!) тлумачыць беларускую сытуацыю. І тлумачыць усю шкоду, якую нанесла нямецкая палітыка 90-х гадоў беларускаму дэмакратычнаму руху. І езьдзіць трэба па ўнівэрсытэтах, а не кабінэтах палітыкаў. Уплываць на грамадзтва!
Немцы не заўважылі значэньня рэфэрэндуму 95-га году, не зразумелі сутнасьць рэфэрэндуму 96-га... А Вік? Калі ёсьць Каардынацыйная рада дэмакратычных сіл, ён стварыў раду апазыцыйных палітычных партыяў і ў гэтую раду навязаў Гайдукевіча. Я прысутнічаў на тым паседжаньні: мы, сацыял-дэмакраты, адзіная партыя, якая прагаласавала супраць. Я глядзеў і не разумеў: чаму БНФ і АГП галасуюць за прыём ЛДПБ? Гэта Вік так навязаў! Гайдукевіч у Віка быў “дэмакратам”, “апазыцыянэрам”...
— Дык Лукашэнка мае рацыю, калі кажа: беларуская апазыцыя гуляе ў тыя гульні, якія ёй навязвае Захад? І яна ёсьць заходнім агентам уплыву?
— Менавіта так! Я пра што і кажу! Беларуская апазыцыя, калі на тое пайшло, павінна ўцямна растлумачыць Захаду свае інтарэсы. Нам трэба выставіць беларускія рахункі (я якраз раблю артыкул на гэтую тэму). Ніхто не прагаворвае для Захаду нацыянальныя патрэбы Беларусі! Улада прагаворвае свае карысьлівыя мэты — захаваньне ўлады, больш нічога ёй не патрэбна. Будучыня Беларусі ўладу не хвалюе, яна жыве сёньняшнім днём... Масква спалохалася “аранжавай” рэвалюцыі — і ўжо Захад імкнецца запэўніць, што ў Беларусі ня будзе ніякай рэвалюцыі. І нашыя дэмакраты паўтараюць гэта! Прабачце, вы хоць крыху дыялектыкі? А калі складзецца рэвалюцыйная сытуацыя і адбудзецца рэвалюцыйны выбух? Вы што, адмаўляецеся ад рэвалюцыі? Якія ж вы палітыкі?! Мы не адмаўляемся ад эвалюцыйнага шляху, але — і ад рэвалюцыі: калі яна выбухне, то мы не павінны быць контрарэвалюцыянэрамі.

Profile

[info]nasaniva
Наша Ніва

Latest Month

Ліп 2009
S M T W T F S
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 
Распрацавана LiveJournal.com
Designed by Tiffany Chow