
Кожны развой у будызьме пачынаецца з дасьледаваньня зыходнага становішча. Тады, па-першае, прыходзіць разуменьне таго, што гэтае жыцьцё падаравала нам цяперака надзвычай каштоўную й надзіва рэдкую магчымасьць: напраўду рухацца ў кірунку Вызваленьня й Прасьвятленьня. Толькі нямногім шанцуе спаткаць навуку Буды ўва ўсёй яе паўнаце, будучы пры гэтым адукаванымі, вольнымі й здольнымі людзьмі. А тых, хто выкарыстоўвае гэтую ўдалую сытуацыю, яшчэ меней.
Другая думка датычыць усеагульнай нетрываласьці й нясталасьці. Можна памерці ў кожны момант; усё звонку і ўнутры няспынна зьмяняецца, і толькі Яснасьць-Прастора Розуму ёсьць заўжды й паўсюль. Гэта надае рабоце з розумам вялікую важнасьць й нараджае усьведамленьне, што ня варта дарэмна губляць час. Бо ж ніхто ня ведае, колькі нам засталося жыць.
Трэцяе назіраньне зьвязана з законам прычыны й выніку ("карма" на санскрыце, па-тыбецку - "ле"). Заўжды, а таксама й цяпер, нашы ўласныя думкі, словы й дзеяньні вызначаюць будучыню кожнага з нас. Мы самі засяваем насеньне таго, з чым апасьля сутыкаемся, і варта паставіцца да гэтага ўважліва! Калі ня выдаліць з розуму шкодныя адбіткі, то яны сасьпеюць у выглядзе падзей, афарбаваных тымі ж пачуцьцямі, што й прычыны гэтых адбіткаў.
Нарэшце, мы разумеем, чаму разьвіцьцё напраўду мае сэнс. Мы бачым, як кожная істота гоніцца за нетрывалым шчасьцем і хоча, у тым жа часе, пазьбегчы пакутаў. Але Прасьвятленьне - найвялікшае шчасьце, і яно ня можа ані скончыцца, ані распусьціцца, і было б шкада змарнаваць гэтую багатую мажлівасьць Розуму дзеля нашай ляноты. Калі ўзровень нашага духоўнага разьвіцьця прымушае нас верыць, што мы ёсьць сваім целам і валодаем сваімі рэчамі, то мы ня знойдзем аніякага апірышча перад абліччам старасьці, хваробы й стратаў і ня зможам дапамагаць іншым.
З.Ы. На здымку: 16ты Кармапа.